Супольнасць «Беларусы замежжа»
Беларусы Замежжа – гэта супольнасць грамадзянаў і проста вышлых з Беларусі, якія ўвесь час, ці часова жывуць за яе межамі.
Гісторыя Супольнасьці пачалася летам 2020 года, калі шмат якія беларусы за мяжой пачалі цікавіцца падзеямі ў Беларусі. Для таго, каб абараніць свой голас на выбарах, неймаверная каманда з больш чым 300 чалавек з 23 краін, правяла 4-9 жніўня экзіт-полы ў 27 гарадох сьвету. Пасля падліку галасоў была арганізаваная медыя-кампанія, каб паказаць, што на большасьці выбарчых участкаў за мяжой пераканаўчую перамогу здабыла Сьвятлана Ціханоўская, набраўшы ў сярэднім 86% і што шмат якія камісіі, якія складаюцца з беларускіх дыпляматаў, выбары сфальшавалі.
Падзеі, што адбыліся ў Беларусі пасьля дня выбараў — цынічныя фальшаваньні выбараў, а потым беспрэцэдэнтная жорсткасць, якую ўжыў рэжым Лукашэнкі да мірных пратэстоўцаў — падштурхнулі да стварэньня супольнасьці «Беларусы замежжа».
Мэта чыннасьці «Беларусы замежжа» — аднаўленьне і развіцьцё інстытутаў грамадзянскай супольнасьці й дэмакратыі ў Беларусі.
У падмурку Супольнасьці ляжыць разуменьне таго, што ўсе беларусы, якія жывуць за мяжой, хочуць нешта зрабіць для сваіх родных і знаёмых, і наагул для сваёй Радзімы на аснове валянтэрства. Галоўны рэсурс Супольнасьці – гэта праца і кваліфікацыя праектных менеджараў, юрыстаў, праграмістаў, аналітыкаў, аўдытараў, дызайнераў і прадстаўнікоў шмат якіх іншых важных прафесій, гатовых аддаваць свой час для дасягненьня агульнай мэты.
«Беларусы Замежжа» кансалідуюць працу дыяспар па ўсім сьвеце. У праектах Супольнасьці бяруць удзел каля 600 чалавек з 50 краін, што дазваляе праводзіць скаардынаваныя акцыі падтрымкі, дапамагаць уцекачам і пацярпелым ад рэпрэсій беларусам, інфармаваць сусьветную грамадскасць пра сітуацыю ў краіне і бараніць інтарэсы дэмакратычнай Беларусі на міжнароднай арэне.
Самы маштабны праект, рэалізаваны Супольнасьцю за гэтыя месяцы – Сусьветны кангрэс беларусаў, які прайшоў 31 кастрычніка-1 лістапада ў фармаце анлайн-канферэнцыі і з’яднаў усе дэмакратычныя сілы як у краіне, гэтак і за яе межамі. Для дасягненьня галоўнай мэты Кангрэса — распрацоўкі рэформаў для будучай Беларусі — створана 37 працоўных груп па розных кірунках ад эканомікі і інавацый, да адукацыі і мастацтва.
«Нашая задача — фармаваньне вольнай прасторы для кансалідацыі беларусаў ува ўсім сьвеце, – падкрэсліў у інтэрв’ю БелаПАН адзін з сакратароў Супольнасьці Арцём Лядоўскі. — Мы добра арганізаваны, у нас велізарныя рэсурсы, неверагодны пералік экспертыз унутры нашай Супольнасьці і мы выдатна разумеем, да якой мэты рухаемся».